«Ў «Бар» першы вінны бар у Мінску. Ён суседнічае з Галерэяй Сучаснага Мастацтва «Ў», і па вечарах за келіхам добрага віна тут можна сустрэць лепшых мастакоў краіны. 

 Бар прапануе вялікі выбар він з некалькіх кантынентаў і,  абавязкова,  «дэмакратычнае віно» - добрае і недарагое. Амаль уся вінная картка разліваецца па келіхах.

 Да віну заказваюць лакальныя і еўрапейскія сыры і мясные нарэзкі.  Самым галодным дастаюцца сэндвічы з свежым хлебам чыабата.

Днём бар заліты сонцам (ад фіранак на вокнах вырашылі адмовіцца), і становіцца месцам сустрэч на кубак італьянскай кавы з печывам кантучынні, макаронам  або чыскейкам.

Беларуская і ангельская гаворка гучыць у бары «Ў» ледзь ці не часцей, чым руская. А атмасфера настолькі свабодная і дружалюбная, што калі б'ецца келіх, госці пачынаюць апладзіраваць.